«СІЦЫЛІ́ЙСКАЯ ВЯЧЭ́РНЯ»,

паўстанне ў г. Палерма (в-аў Сіцылія) у 1282 супраць франц. прыхільнікаў караля Карла I Анжуйскага, які ў 1268 падпарадкаваў сваёй уладзе Сіцылійскае каралеўства. Карл рэзка павысіў у Сіцыліі падаткі, пазбавіў гарады прывілеяў, канчаткова заняволіў сялян, не лічыўся са стараж. звычаямі і вольнасцямі мясц. насельніцтва, перанёс сталіцу Сіцылійскага каралеўства з Палерма ў Неапаль. Паўстанне пачалося стыхійна 31 сак. (паводле пазнейшай легенды — пад сігнал звона да вячэрні; адсюль назва). Большасць французаў (3—4 тыс.) была забіта. Палермскім парламентам сіцылійская карона прапанавана арагонскаму каралю Педра III, які ў вер. 1382 прыбыў на востраў і авалодаў усёй Сіцыліяй. Вайна супраць французаў скончылася ў 1302 поўным адпадзеннем ад Паўд. Італіі Сіцыліі, дзе ўсталявалася Арагонская дынастыя.

т. 14, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)